Метадычная распрацоўка ўрока беларускай літаратуры 5 клас Якуб Колас. «На рэчцы» (урывак з паэмы «Новая зямля»)

Тэма ўрока: Якуб Колас. «На рэчцы» (урывак з паэмы «Новая зямля»)

Мэты:

  • адукацыйная: пазнаёміць вучняў з творам, раскрыць вобраз Костуся, прааналізаваць вобразы ракі і марозу;
  • развіццёвая: развіваць уменні вучняў узнаўляць карціны прыроды, створаныя паэтам з дапамогай вершаванай мовы і мастацкіх тропаў, сачыць за развіццём дзеяння, аналізаваць эмацыянальны стан героя, яго душэўнае ўзрушэнне;
  • выхаваўчая: выхоўваць любоў да прыроды, беражлівыя адносіны да яе, спрыяць выпрацоўцы грамадска значымых якасцей: сяброўства, калектывізму.

Тып урока: камбінаваны з выкарыстаннем элементаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

Абсталяванне: падручнік; партрэт Якуба Коласа; раздатачны матэрыял; дапаможны матэрыял.

 

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

ІІ. Аб’яўленне тэмы ўрока.

Звяртаецца ўвага на тое, што гэта толькі ўрывак з паэмы «Новая зямля» (дэманструецца тэкст паэмы цалкам).

IІІ. Знаёмства з творам.

  1. Уступная гутарка.

Як вы думаеце, пра што гэты твор? Давайце паразважаем над сюжэтам. З урыўка выпісаны на дошцы наступныя словазлучэнні: шыбуе на рэчку, радасць хлапчыне, да дна вымярзае, жывая сіла, бойкая рачулка, мароз над маразамі,пухавая пасцелька,засне пад прасторам, на шыбе ўсё, у лес кульнуўся, малыя хвоечкі.

Вучні прагназуюць сюжэт па прапанаваных словазлучэннях.

2.Першаснае азнаямленне з творам. Чытанне тэксту вучнямі.

3.Слоўнікавая работа (падбор сінонімаў).

Праца са словамі: шыбаваць — хутка ісці; запраторыць – схаваць; націна – бацвінне; салаш — шалаш; зацяты — цвёрды, упарты.

  1. Выяўленне першаснага ўспрымання твора.

Адказы на пытанні:

  • Якім настроем прасякнуты ўрывак?
  • Як Якуб Колас намаляваў карціну зімы?
  • Якое месца ў творы вам асабліва спадабалася і чаму?

ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА (вучні выконваюць рухі, быццам грэюцца ад марозу).

ІV. Аналіз мастацкага твора.

  • У любым літаратурным творы ёсць галоўны герой. А каго, што так ярка малюе Якуб Колас ва ўрыўку? (Костуся, раку, мароз.)

На дошцы замацавана табліца, у адпаведнасці, з якой дзеці падбіраюць апісанні галоўных герояў з тэксту.

КОСТУСЬ

РАКА

МАРОЗ

 

вольная, бойкая, непакорная, працавітая

Сярдзіты, хітры, вяльможны

 

Парады настаўніка дзецям:

  • Будзьце ўважлівыя, ступаць на рачны лёд можна, калі ён не танчэй за 7 сантыметраў.
  • На марозе таксама трэба быць асцярожнымі, бо можна абмарозіцца. Апранайцеся цёпла, у некалькі слаёў, вопратку выбірайце лёгкую.
  • Як у літаратуры называюцца такія словы, якія запісаны на дошцы? (Эпітэты.)
  • Як вы думаеце, каму сімпатызуе Костусь — рэчцы ці марозу? (Рэчцы.)
  • Знайдзіце ў творы характарыстыку хлопчыка (дзеці працуюць з творам).
  1. V. Аналіз малюнка. (с. 140 падручніка)
  • Зачытайце тое месца ў творы, якое адпавядае малюнку (с. 146).
  • Хто намаляваны на пярэднім плане, на заднім плане?
  • Ці адпавядае малюнак літаратурнаму твору? Знайдзіце падабенства і адрозненне. (Па тэксце твора Костусь быў апрануты ў лапці, з сякеркаю ў руках.)
  • Для чаго Костусь браў сякерку? (Як хлопчык чуллівы, уважлівы да прыроды, ён дапамагаў сваёй сяброўцы-рацэ прабіцца з-пад лёду.)
  • Ці можам мы параўнаць вобразы Костуся і ракі? (Можам, вобразы хлопчыка і ракі падобныя.)
  • Чым рэчка Костуся займае?

VІ. Падвядзенне вынікаў урока. Дзецям да ўрока раздадзены  тры карткі. На кожнай па аднаму слову «Костусь, рака, мароз».

Вучням прапануецца выканаць заданне:

  • выберыце адну з трох картак;
  • падбярыце да выбранага слова два прыметнікі;
  • падбярыце тры дзеясловы;
  • запішыце сказ з чатырох-пяці слоў;
  • падбярыце сінонім.

Вучні ўпісваюць свае варыянты слоў і сказаў у выбраную картку і выбарачна зачытваюць. Напрыклад, са словам «мароз» можа атрымацца наступнае:

  • мароз;
  • паважны, зухаваты;
  • пагражае, падпявае, уладае;
  • Мароз малюе на шыбах;
  • штукар.

VІІ. Рэфлексія.

  • Ці спадабалася вам сёння на ўроку?
  • Што новага вы сёння адкрылі для сябе, што запомнілі?
  • У каго былі цяжкасці і што дапамагло іх пераадолець?

VIIІ. Дамашняе заданне: выразнае чытанне твора, адказы на пытанні падручніка.