АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ “ФАРМІРАВАННЕ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ ВУЧНЯЎ ПРАЗ ВЫКАРЫСТАННЕ ЭФЕКТЫЎНЫХ МЕТАДАЎ У ПРАЦЭСЕ НАВУЧАННЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ НА ДРУГОЙ СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ”

Адзіна сапраўдная раскоша гэта раскоша чалавечых зносін.

Антуан дэ Сэнт-Экзюперы

Актуальнасць. Усё жыццё чалавека працякае ў пастаянных зносінах, таму “выхаванне маўленчай культуры, фарміраванне камунікатыўных уменняў і навыкаў, што забяспечваюць эфектыўнасць зносін у розных сферах чалавечай дзейнасці неабходная ўмова сацыялізацыі навучэнцаў” [1]. Гаворка ідзе аб фарміраванні камунікатыўнай кампетэнтнасці, якая мае асаблівую значнасць у жыцці чалавека: яна ўплывае на вучэбную паспяховасць, ад яе залежыць эмацыйны дабрабыт у класным калектыве, яна з'яўляецца рэсурсам эфектыўнасці і дабрабыту дзяцей у будучым дарослым жыцці. Камунікатыўная кампетэнцыя ў святле новых патрабаванняў да адукацыйнага працэсу мае адно з галоўных значэнняў, так як яна надзяляе чалавека “самай галоўнай раскошай раскошай чалавечых зносін”, уплывае на фарміраванне грамадзянскай сталасці, прафесійнага і асобаснага самавызначэння.

Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў у кантэксце сучасных патрабаванняў з’яўляецца важнай задачай, бо практыка паказвае, што ў іх слаба развіты камунікатыўныя ўменні, яны не заўсёды могуць свабодна аргументаваць свае думкі, рабіць вывады. Узнікаюць цяжкасці ў стварэнні самастойных выказванняў. Таму абагульненне вопыту і стала спробай знайсці адказы на пытанне, як вучыць сённяшніх дзяцей.

Сутнасць паняцця “камунікатыўная кампетэнцыя” вызначаецца як сістэма моўных, маўленчых і маўленча-камунікатыўных ведаў і ўменняў, якая забяспечвае свабоднае маўленне [4]. Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі адбываецца абсалютна на кожным уроку, але найбольш спрыяльнай глебай з'яўляюцца, на мой погляд, урокі літаратуры – своеасаблівыя ўрокі зносін. Маўленчая дзейнасць фармуецца ва ўсіх яе відах – чытанні, маўленні, пісьме, аўдзіраванні. Навучаць зносінам, размаўляючы – вось галоўны дэвіз маіх урокаў.

Выбар тэмы “Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў праз выкарыстанне эфектыўных метадаў у працэсе навучання беларускай літаратуры

на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі” не выпадковы. Неабходнасць звароту да гэтай тэмы прадыктавана вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”, а таксама зменамі, якія адбываюцца сёння ў грамадстве: СМІ адыгрываюць галоўную ролю ў фарміраванні перакананняў і разумення свету ў моладзі. Пашырэнне камп’ютарызацыі і тэставых форм кантролю ведаў ствараюць праблему набыцця навыкаў інтэлектуальных зносін, абмяжоўваюць моўную практыку навучэнцаў. Спыніць гэтую тэндэнцыю мы не можам, але ў нашых сілах і магчымасцях сродкамі прадмета навучыць дзяцей аналізаваць, разумець пазіцыю аўтара мастацкага твора,крытычна ацэньваць медыяпаведамленні, складаць свае выказванні, выпрацоўваць уменне працаваць у калектыве, адстойваць сваю думку, згладжваць канфлікты, адчуваць адказнасць за работу, быць мабільным, камунікабельным.

Навізна вопыту заключаецца ў творчым пераасэнсаванні традыцыйных метадаў навучання з улікам педагагічнай дыдактыкі, узроставых асаблівасцяў і псіхалогіі, індывідуальна-творчых магчымасцяў і матываў навучэнцаў, а таксама ў камбінацыі элементаў розных методык, у распрацоўцы спецыяльных практыкаванняў, якія забяспечваюць аптымальнае развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў.

Мэта: стварэнне ўмоў для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі праз выкарыстанне эфектыўных метадаў навучання, якія забяспечваюць навучэнцам магчымасць развіваць свае здольнасці і схільнасці, павышаць маўленчую культуру.

Задачы:1) адабраць эфектыўныя метады навучання, якія забяспечваюць фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў; 2) апісаць некаторыя канкрэтныя групы метадаў, прыдатных для работы з навучэнцамі на розных этапах урока) 3) ствараць сістэму выкарыстання гэтых метадаў на ўроку літаратуры; 4) сістэматызаваць дыдактычныя матэрыялы, якія даюць магчымасць выкарыстоўваць гэтыя метады на ўроках літаратуры для авалодання навучэнцамі асноўнымі відамі маўленчай дзейнасці (вуснай, пісьмовай, сітуацыйнай і г. д.).

Працягласць работы над вопытам: чацвёрты год

Тэарэтычная база вопыту. Тэхналогіяй вопыту кампетэнтнаснага падыходу займаліся многія навукоўцы і педагогі: А.В Хутарскі, А.А. Лебедзеў,               І.Я. Лернер і інш. У беларускай методыцы камунікатыўна арыентаванае навучанне беларускай мове і літаратуры разглядалася М.Г.Яленскім,                     С.В. Мартынкевіч, І.М. Саматыя і інш. Аднак праблема фарміравання кампетэнцый “здольнасці дзейнічаць у сітуацыі нявызначанасці” [3] застаецца актуальнай, асабліва калі мы гаворым аб гэтым працэсе з улікам вывучэння літаратуры. Як вынікае з майго вопыту, літаратурна кампетэнтны вучань павінен быць камунікабельным, творчым, валодаць уменнем даказваць свой пункт гледжання, паважаючы пры гэтым чужыя меркаванні, умець працаваць у камандзе, рэалізоўваць сфарміраваныя навыкі ў дарослым жыцці.

Апісанне тэхналогіі. Вядучая ідэя вопыту – пасродкам стварэння спрыяльных ўмоў для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі дапамагчы навучэнцам набываць вопыт “камунікатыўнай дзейнасці праз ажыццяўленне дыялогу з тэкстам мастацкага твора, яго аўтарам, іншымі чытачамі, адзінкавым тэкстам і мноствам кантэкстаў” [1], выкарыстоўваць веды ў розных жыццёвых сітуацыях. Таксама спрыяць павышэнню актыўнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры, развіццю іх творчых здольнасцяў і выхаванню свядомага стаўлення да мовы як духоўнай каштоўнасці народа.

Ва ўмовах невялікай колькасці гадзін на вывучэнне мастацкіх твораў мы ахвяруем думкай на карысць аб’ёму тэксту, тым самым ахвяруючы жыццёвымі перакананнямі, ведамі і ўяўленнямі вучняў аб сучасным свеце. Пагэтаму неабходна пераразмяркоўваць увагу з запамінання жыццеапісання пісьменніка на разуменне яго жыццёвай пазіцыі, майстэрства пісьма, на такі змест, які спрыяў бы асобаснаму росту вучняў, даваў магчымасць дасягнуць фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў на ўроках.

Трэба браць пад увагу, што вучні авалодаюць маўленча-камунікатыўнымі ўменнямі ў тым выпадку, калі ім будзе прапанавана спецыяльным чынам арганізаваная камунікатыўная дзейнасць – рознабаковая, цікавая, матываваная, кантралюемая. Я раскажу толькі пра некаторыя віды работы і прыёмы, якія дапамагаюць мне фарміраваць камунікатыўныя кампетэнцыі вучняў. Яны не адносяцца да адной пэўнай групы, а ўяўляюць сабой сінтэз розных метадаў, якія прыжыліся ў маёй практыцы. Гэта актыўныя, інтэрактыўныя метады, інфармацыйныя тэхналогіі і інш.

На уроках літаратуры я, ніколькі не ігнаруючы працы з тэкстам (аналізам), выкарыстоўваю метады і прыёмы, якія дапамагаюць вучням свабодна валодаць усімі відамі маўленчай дзейнасці, самастойна выказваць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме; развіваюць інфармацыйную пісьменнасць, якая абапіраецца на ўменне ажыццяўляць пошук інфармацыі ў падручніках, даведніках, інтэрнэце; развіваюць арганізацыйныя ўменні і навыкі: здольнасць ставіць і славесна фармуляваць мэту дзейнасці, ажыццяўляць самакантроль, самаацэнку, самакарэкцыю.

Каб дапамагчы навучэнцам усвядоміць мэты ўрока, аператыўна ўключыцца у работу, сканцэнтраваць увагу на вывучаемай праблеме, стымуляваць разумовую дзейнасць, актуалізаваць ужо набытыя веды, выкарыстоўваю метад “Маўклівай гутаркі”(дадатак 1). Гэты метад мэтазгодна выкарыстоўваць пры вывучэнні мастацкіх тэкстаў на маральна-этычную тэму.

Вельмі падабаецца вучаніцам работа па метаду “Я-ТЫ-МЫ. Гэты прыём зручна выкарыстоўваць пры групавой рабоце. Спачатку кожная самастойна на працягу 15 хвілін абдумвае і выконвае заданне, затым навучэнцы абменьваюцца ідэямі з суседкай (3 хвіліны), дзеляцца ідэямі з другой парай у групе, абмяркоўваюць і рыхтуюцца да прэзентацыі. Заданні могуць быць праблемнага характару або звязаныя з вывучэннем тэарэтычнага матэрыялу.

Дазіравана выкарыстоўваю табліцы і схемы (дадатак 6.2). Зразумела: літаратуру немагчыма ўкласці ў табліцу, выказаць пачуцці схематычна часцей за ўсё нельга, але каб дапамагчы разабрацца ў змесце, праблематыцы, філасофіі мастацкага тэксту, вылучыць асноўныя веды і ўменні навучэнцаў, лічу такі прыём апраўданым. Вялікую дапамогу яны аказваюць пры знаёмстве з літаратуразнаўчай тэрміналогіяй, біяграфіяй пісьменніка. Складаючы табліцу, вучні самастойна адкрываюць новыя веды, спасцігаюць ісціну як вынік уласных назіранняў і адкрыццяў, тым самым максімальна засвойваючы матэрыял. Заключны этаппрацы з табліцай яе агучванне, гэта значыць, ператварэнне яе ў складны тэкст. (прыклад табліца, выкарыстаная ў VIII класе пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Жураўліны крык” (дадатак 2.1).

Дапамагаюць і эпіграфы. Звычайна падбіраю супрацьлеглыя па сутнасці эпіграфы да ўрока або выкідаю частку, каб вучні самі дапісалі. Звяртаюся да тэкстаў, якія адлюстроўваюць жыццёвую мудрасць беларусаў. Гэта могуць быць цытаты з твораў беларускіх класікаў;выслоўі: афарызмы, прыказкі, якія ўтрымліваюць жыццёва значную думку, перадаюць яе коратка, трапна;творы вуснай народнай творчасці: жарты, народныя анекдоты, загадкі.Звяртаючыся да эпіграфаў, раскрываю іх пазнавальнае і эмацыянальнае значэнне, дэманструю нацыянальную спецыфіку беларускай мовы і літаратуры. Карысна і завучванне такіхвыслоўяў на памяць, бо веданне іх сведчыць пра маўленчую культуру чалавека, багацце яго слоўнікавага запасу.

Фарміраванню ўменняў выказваць думкі дакладна, пісьменна, пераканаўча, выступаць перад аўдыторыяй дапамагае і такая форма работы, як падбор ілюстрацыйнага матэрыялу з тэксту твора. Напрыклад, у VIII класе пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Жураўліны крык” вучаніцам прапануецца падрыхтаваць разважанне “Прычына ўчынкаў чалавека у яго дзяцінстве” з украпваннем у яго самастойна падабранага ілюстрацыйнага матэрыялу (цытаты і каментар да іх).

На кожным уроку літаратуры навучэнцы павінны праяўляць уменне выказваць свае думкі, выступаць перад аўдыторыяй. Падбіраю заданні з улікам індывідуальных здольнасцяў і магчымасцяў (для кагосьці – стварэнне альбома ілюстрацый да мастацкага твора па пэўнай тэматыцы (“Роля пейзажных замалёвак ў апавяданні У.Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”), для іншага –паведамленне па пэўнай тэме з камп'ютарнай прэзентацыяй. Прапаную напісанне лістоў (маці, сяброўцы), напісанне маналогаў ад імя героя твора, гісторый з жыцця, сугучных з літаратурнымі (дадатак 2.2). Дзеці пішуць сцэнарыі да казак. А потым інсцэніруюць іх.

З мэтай звароту да суб’ектыўнага вопыту навучэнцаў, забеспячэння матывацыі і ўключэння іх у сумесную дзейнасць выкарыстоўваю метад “Закончы фразу” (пры вывучэнні верша Р.Барадуліна “Трэба дома бываць часцей” у VIII класе прапаную закончыць фразу: “Мае бацькі для мяне – гэта…” або “Няўдзячныя дзеці горш за чужога чалавека, бо…”(дадатак 3).

Дапамагае развіваць камунікатыўныя здольнасці навучэнцаў і метад “Мазгавы штурм”: навучэнцы працуюць у парах або невялікіх групах, шукаючы адказы на праблемныя пытанні (Ці можна апраўдаць здраду ў выратаванне? або Што важней: абавявязак ці чалавечнасць?). У канцы працэсу аб'ядноўваюцца і паляпшаюць ідэі, затым выбіраюць лепшую.

Уменні і навыкі вучняў весці дыскусію, аргументаваць, даказваць – састаўная частка камунікатыўнай кампетэнцыі. Як правіла, дыскусіі часцей за ўсё праводзяцца на заключных этапах вывучэння твора. Важна нагадваць вучням правілы вядзення дыскусіі (дадатак 4). Урокі-дыскусіі, ці этап урока, які мае дыскусійны характар, фарміруюць уменне фармуляваць асобасную пазіцыю, адстойваць свой пункт гледжання, фармуляваць свае камунікатыўныя намеры (уголас або пра сябе), уменні прыслухоўвацца да меркавання сваіх аднакласнікаў, знаходзіць кампраміс, вызначаць свае камунікатыўныя поспехі і няўдачы. Пры вывучэнні апавядання Алены Васілевіч “Сябры” можна прапанаваць пытанне “Грыша – сапраўдны сябар ці не?”.

Вельмі цесна пераклікаюцца метады фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі з дыялагічным навучаннем. На ўроку можна рэалізаваць метад “Інтэрв’ю”, калі адны навучэнцы выконваюць ролю карэспандэнтаў і задаюць цікавыя, актуальныя пытанні, а другія выступаюць у ролі аўтара, героя твора ці літаратурнага крытыка і даюць лаканічныя адказы (дадатак 5).Такія практыкаванні вучаць абдумваць маўленчую сітуацыю, суадносіць сваё выказванне з адрасатам, рыхтуюць да эфектыўных маўленчых зносін.

Правільна сфармуляваць адказ дапамагае навучэнцам формула “ПАПСа – формула”. Інтэрактыўны прыём, які дае магчымасць даказваць сваю жыццёвую пазіцыю. Будуецца на наступным: П пазіцыя (“Я лічу ...”), А абгрунтаванне (“Таму што ...”), П прыклад (“Я магу гэта даказаць на прыкладзе ...”), С следства (“Таму я раблю выснову, што ...”).

Асаблівае месца ў фарміраванні камунікатыўнай кампетэнцыі займаюць урокі па развіцці маўлення. Большую частку часу на такіх уроках адводжу узнаўленню і стварэнню тэкстаў. Для развіцця звязнага маналагічнага маўлення зусім незаменная практыка работы з маўленчымі канструкцыямі, якая дазваляе мадэляваць структуру ўласнага сачынення, маніпулюючы не асобнымі словамі, а цэлымі блокамі (дадатак 6.1). Так адбываецца абагульненне матэрыялуў вуснай або пісьмовай форме: навучэнцы разважаюць аб прачытаным, выражаюць ўласныя думкі і пачуцці, пішуць сачыненні-мініяцюры, афармляюць свае разважанні над тэкстам і т. п.

Прымяненне інфармацыйных тэхналогій у навучанні беларускай літаратуры спрыяе развіццю ўменняў, якія фарміруюць камунікатыўную кампетэнцыю. Урок літаратуры выдатна аздабляе музыка. Дзеці падбіраюць музыку, што натхняе іх на творчасць, слухаюць прапанаванае мною. Мае вучаніцы запісваюць відэа з дэкламацыяй вершаў. Ролікі можна паглядзець у раздзеле “Беларуская скарбонка” на гімназічным YouTube-канале https://www.youtube.com/channel/UCxkKUcGlRH6l4CtWCzdWvyw. У якасці дамашніх заданняў даю магчымасць паказаць інфармацыйную кампетэнтнасць. І многія вучні бяруцца за стварэнне прэзентацый па жыцці і творчасці паэта, драматурга, пісьменніка, праграмак да спектакля, буклетаў (дадатак 2.3) з выкарыстаннем медыясродкаў. Можна паглядзець экранізацыю з наступным абмеркаваннем і параўнаннем пазіцый пісьменніка і рэжысёра. Змест любога твора звязваю з сучаснасцю, разам знаходзім агульнае, робім вывады. Інфармацыйнае поле, у якім жывуць падлеткі, гіганцкае. Навучыць у віртуальным віры жыць паўнацэнна – вось задача настаўніка. Толькі ўрок літаратуры дае нам магчымасць развіваць эмацыйную і духоўную сферы вучня.

Таксама развіццю творчых здольнасцяў садзейнічаюць дыдактычныя гульні на ўроку. Напрыклад, “Дыктар: неабходна прачытаь тэкст арфаэпічна правільна. Ролевае пераўвасабленне дазволіць рэалізаваць сваю індывідуальнасць, творчыя здольнасці, развіваць камунікатыўны патэнцыял.

Толькі сістэматычнае выкарыстанне і выкананне падобных практыкаванняў стварае непарыўнасць развіцця мовы вучняў, бо сфарміраваць камунікатыўныя ўменні за адзін урок немагчыма. Але імкнуцца да гэтага трэба. Прапаную канспект урока беларускай літаратуры ў VI класе “Алена Васілевіч. “Сябры” з прымяненнем некаторых з вышэй названых метадаў (дадатак 7).

Прымяненне вышэйназваных метадаў дапамагае навучэнцам выказваць свае думкі складна ў вуснай і пісьмовай форме, выкарыстоўваючы моўныя сродкі ў адпаведнасці з мэтай і ўмовамі зносін, выпрацоўвае пачуццё мовы, развівае аналітычныя і творчыя здольнасці. Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі на ўроках беларускай літаратуры стварае ўмовы для развіцця інтэлектуальнай, адоранай, духоўнай асобы, здольнай да існавання і маўлення ў любым, у тым ліку і ў беларускамоўным культурным асяроддзі.

Практычная значнасць працы. Метады і прыёмы, апісаныя ў рабоце “Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў праз выкарыстанне эфектыўных метадаў у працэсе навучання беларускай літаратуры на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, садзейнічаюць рознабаковаму развіццю маўлення навучэнцаў, прадугледжваюць неабходнасць гарманічнага спалучэння ўласна вучэбнай дзейнасці, у рамках якой фарміруюцца базавыя веды, уменні і навыкі, з дзейнасцю творчай, звязанай з развіццём індывідуальных задаткаў навучэнцаў, творчага мыслення, здольнасці самастойна вырашаць нестандартныя камунікатыўныя задачы. Каштоўнасць выкарыстання даных метадаў у тым, што яны ўздзейнічаюць на якасць ведаў, робяць працэс навучання жывым і займальным. У акрэсленых камунікатыўных сітуацыях вучні адаптуюцца да разнастайных уяўленых жыццёвых умоў, у выніку чаго маўленне адбываецца не дзеля маўлення, а ў адпаведнасці з правіламі і нормамі сацыяльных адносін. Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі ў працэсе вывучэння беларускай літаратуры адбываецца праз фарміраванне моўных, маўленчых і ўласна камунікатыўных уменняў і навыкаў вучняў, што ў выніку забяспечвае гатоўнасць асобы да маўленчай камунікацыі па-беларуску.

Працаёмкасць для настаўніка заключаецца ў працэсе падбору матэрыялу да ўрока. Гэта патрабуе пастаяннага творчага пошуку. Таксама шмат часу ідзе на праверку творчых работ вучняў. З уласнага вопыту зазначу, што пры выкарыстанні гэтых метадаў цяжка спрагназаваць канчатковы вынік працы. Спадарожнічае працы своеасаблівая творчая раскаванасць, якая стварае шумавы эфект, што не заўсёды адназначна ўспрымаецца збоку.

Абагульняючы вопыт работы па фарміраванні камунікатыўнай кампетэнцыі на ўроках беларускай літаратуры, можна зрабіць выснову, што для асноўнай часткі навучэнцаў характэрна станоўчае стаўленне да прадмета; на ўроку пераважае спрыяльны псіхалагічны клімат, вучні адчуваюць сябе камфортна, свабодна і ўпэўнена; развіваюцца іх творчыя здольнасці. Заўважаюцца станоўчыя змены ў іх уменнях аргументаваць свой пункт погляду, абагульняць сказанае, абмяркоўваць, удзельнічаць у дыялогу.

Каб ацаніць узровень сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі, я распрацавала крытэрыі (Дадатак 8). На маю думку, недастаткова выявіць уменні і навыкі навучэнцаў будаваць тэкст без памылак. Суразмоўца павінен правільна, дакладна, дарэчна, лагічна і выразна перадаваць свае думкі з улікам маўленчай сітуацыі. Крытэрыі сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі суадносяцца з крытэрыямі якасці выбару моўных сродкаў.

Навучэнцы лягчэй засвойваюць вучэбны матэрыял, і аб гэтым сведчаць вынікі прамежкавай і выніковай атэстацыі (дадатак № 9). Становяцца прызёрамі алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню, пішуць уласныя творы, паказваючы камунікатыўныя ўменні, прэзентацыйныя навыкі, навыкі працы ў групах, а таксама навыкі самастойнай дзейнасці і самарэалізацыі.

Калі гаварыць увогуле аб выніковасці маёй настаўніцкай дзейнасці, то, нягледзячы на тое, што выкладаю я толькі ў двух класах (V і VIII), пэўныя дасягненні ўсё ж такі маю: у 2017 годзе асабіста атрымала дыплом III ступені ў дыстанцыйнай алімпіядзе для педагагічных работнікаў Мінскай вобласці па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, вучаніца Затулівецер Аляксандра стала пераможцай дыстанцыйнай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» сярод вучняў 5-8 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці (дыплом III ступені).

У перспектыве – асваенне методыкі сторытэлінгу (з англійскай storytelling – гэта апавяданне гісторый, педагагічная тэхніка, пабудаваная на выкарыстанні гісторый з канкрэтнай структурай і цікавым героем, якая накіравана на вырашэнне педагагічных пытанняў) [6].

Літаратура

  1. Белорусский язык и литература : как представить собственный педагогический опыт на квалификационном экзамене / сост.: И. В. Богачева, И. В. Фёдоров. – Минск : Пачатковая школа, 2013. – 112 с. :ил. – квалификационный экзамен).
  2. Вучэбныя праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучанняі выхавання. Беларуская мова і літаратура. V–IX класы. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2017.
  3. Лебедев, О. Е. Компетентностный подход в образовании// Школьные технологии. – 2008. . – №5.
  4. Мартынкевіч, С.В. Камунікатыўная кампетэнцыя: Сутнасць паняцця і прынцыпы адбору зместу яе фарміравання / С.В. Мартынкевіч // Роднае слова. – 2011. – № 3. – С. 82 – 85.
  5. Расскажите историю или «сторителлинг» в обучении [Электрон. ресурс]. – Режим доступа: https://www.ispring.ru/elearning-insights/storitelling-v-obychenii/ – Дата доступу: 29.04.2018
  6. Руцкая, А.В. Грынько, М.У. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў: інтэрактыўныя метады навучання літаратуры / Беларус. мова і літ.- 2015.- №2 – с. 6-11 5.

 

Дадатак 1

Метад “Маўклівая размова”

Вучні на працягу 5 хвілін адказваюць пісьмова на праблемнае пытанне, затым перадаюць сшытак вучню злева. На працягу 3 хвілін удзельнікі чытаюць тое, што перадаў ім партнёр, і адказваюць на пытанне або камэнтуюць. Затым сшытак перадаецца наступнаму ўдзельніку “гутаркі”. Сшыткі вяртаюцца гаспадару. Кожны прачытвае напісанае, параўноўвае. Галоўнае: вызначыць, ці змянілася яго меркаванне, як ён ставіцца да гэтай праблемы, азнаёміўшыся з чужымі думкамі. Гэта заданне выконваецца моўчкі. Сваё канчатковае меркаванне вучань запісвае ў сшытак. Агучыць і абмеркаваць можна па жаданні. Часам аўтары самі прызнаюць свой адказ арыгінальным і развіваюць яго далей.

Дадатак 2

 

 

 

 

Дадатак 3

Метад ”Закончы фразу”

Тэма ўрока

Завяршы фразу (у пачатку ўрока)

Уладзімір Караткевіч “Нямоглы бацька” (V клас)

1.     Бацькоў трэба шанаваць, бо…

Міхась Лынькоў “Васількі” (V клас)

1. Вайна – гэта…

2.Дзеці сталелі на вайне, таму што… 

Алена Васілевіч “Сябры”

(VI клас)

1. Сапраўдны сябар – гэта…

2. Сябар ніколі не…

Аркадзь Куляшоў “Маці”

(VIII клас)

1. Мама для мяне – гэта…

2.Маці гатова аддаць сваё жыццё, каб…

Дадатак 4

Правілы вядзення дыскусіі:

1) Выкарыстоўвайце “Я-выказванне”, гэта значыць пачынайце фразу са слоў: “З майго пункту гледжання ...” ці “Тое, як я гэта бачу ...”.

2) Паважайце меркаванне субяседніка і спрачайцеся аргументавана.

3) Прытрымлівайцеся прыязнага тону.

4) Памятайце: мэта дыскусіі знайсці ісціну, рашэнне, выхад з праблемнай сітуацыі.

Дадатак 5

Метад “Інтэрв’ю”

Субяседнікі садзяцца побач (звычайна гэта суседзі па парце). Прапаную некалькі (2-3) пытанняў для інтэрв’ю. На працягу 3-4 хвілін (не больш:гэта прымушае слухаць, пераасэнсоўваць і запісваць хутка) субяседнікі абменьваюцца інфармацыяй (пры гэтым прапаноўваю коратка занатоўваць адказы адзін аднаго ў сшытку). Далей прапануецца аператыўна прадставіць інфармацыю (кожны чытае чужыя адказы). Метад “Інтэрв’ю”закліканы абудзіць вучняў да дзейнасці, сэнсатворчасці, дыялогу. Вядучай педагагічнай умовай рэалізацыі метаду з’яўляецца дыялагічнасць.

Тэма ўрока

Пытанні

Анатоль Кудравец “Цітаўкі” (V клас)

Пытанні журналіста дэзерціру Пшанічнаму:

1. Навошта ты хадзіў да дзеда Агея?

2. Чаго ўсміхаўся дзед Агей у канцы апавядання?

3. Чаму ты не пайшоў у кіно?

Васіль Быкаў “Незагойная рана”(VII клас)

1.Аб чым вы думалі, калі чыталі апавяданне?

2.Пра якую рану гаворыцца ў творы? 

3. Якім чалавекам паўстае Васілёк ва ўспамінах маці?

Васіль Быкаў “Жураўліны крык” (VIII клас)

1.     Што такое подзвіг?

2.       Чаму аповесць называецца «Жураўліны крык»?

3.     За ўсё на свеце трэба плаціць. За што плацяць героі аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык”?

Або пытанні журналіста дэзерціру Пшанічнаму:

1.     Чаму ты вырашыў пайсці да немцаў?

2.     Што ты адчуваў пры гэтым?

3.     Калі б была магчымасць усё вярнуць, ці паўтарыў бы ты свой учынак?

 

 

 

Дадатак 6

 

Прыклады творчай працы з тэкстам

  1. Вучымся “перакладаць” думкі і пачуцці ў словы пасля прачытання верша А.Грачанікава “Зоры спяваюць”:

Падбярыце шэраг эпітэтаў да слоў, які стварае вобраз летняй ночы           (восеньскай, зімовай, вясновай).

Ноч душная, аксамітная, ціхая ...

Неба зорнае, соннае, чорнае ...

Зорка нямая, падпаленая, алмазная ...

Месяц вялікі, высокі, поўны ...

Святло бледнае, малочна-серабрыстае...

Вецер лянівы, ласкавы ...

Паветра гарачае, цёплае, духмянае ...

Гук глухі, меладычны ...

Змрок глыбокі, непранікальны ...

Працягніце шэраг, запішыце словы і словазлучэнні, якія характарызуюць прыход ночы.

Ноч прыйшла, наступіла, надышла, апусцілася, падкралася, ахутала (цемрай)...

Складзіце вусную замалёўку на тэму: “Зорныя спевы”, “Дзіўны хор нябёсаў”, “Дзівосныя галасы сусвету”

  1. Вучымся параўноўваць. Выразна прачытайце верш М.Багдановіча Зімой”. Ці падобны пейзаж, намаляваны ў вершы, на зімовы пейзаж Э.Рымаровіча “Лагойшчына”? Калі так, то чым?

Ці згодны вы, што вечар зімой звонкі?

Падбярыце аднакарэнныя словы. Словы якой часціны мовы гэта? Ці чулі вы такія гукі? Якое стаяла надвор'е: ветранае або ціхае? Якія радкі з верша М.Багдановіча найбольш сугучныя пейзажу Э.Рымаровіча? Выпішыце іх. Чым падобная і адначасова непадобная? Запоўніце табліцу. 

 

Які? Якая? Якія?

Што робіць?

Вечар

 

 

Вецер

 

 

Мяцель

 

 

Снег

 

 

Бярозы

 

 

Зоркі

 

 

Месяц

 

 

 

Дадатак 7

Крытэрыі сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі ў VIII класе (22 вучаніцы)

Удзел у дыскусіях

Культура маўлення

Выбар моўных сродкаў

Крытэрыі

Ацэнка

Крытэрыі

Ацэнка

Крытэрыі

Ацэнка

Аргументацыя свайго пункту погляду

“2”-

“1” -

“0” -

Уменне задаваць пытанні

 

 

Узровень лексічнага развіцця

 

Рэцэнзія адказу іншага

 

Уменне абагульняць сказанае

 

Узровень марфалагічных уменняў

 

Уменне наладжваць канструктыўныя адносіны ў калектыве

 

Уменне выдзяляць галоўнае са сказанага

 

 

Узровень сінтаксічных уменняў

 

 

 

Самарэгуля-цыя паводзін у межах норм камунікацыі

 

Узровень арфаэпічных, акцэнталагічных, інтанацыйных уменняў

 

 

Ацэнка ўзроўню валодання вучнямі камунікатыўных уменняў і навыкаў: Валодае – 2 балы, часткова валодае –1 бал, не валодае – 0 балаў.

 

Дадатак 8

 

         Урок беларускай літаратуры ў VI класе

         Тэма:“Алена Васілевіч. “Сябры”

         Мэты: мяркуецца, што ў канцы ўрока дзяўчаты адкажуць на пытанне “Каго можна назваць сапраўдным сябрам?

Задачы:    арганізаваць знаёмства з апавяданнем, абмеркаванне вучнямі маральных якасцей асобы (умення радавацца чужым поспехам, спагадлівасці, адказнасці за іншых, талерантнасці);

садзейнічаць развіццю мыслення, камунікатыўных навыкаў, умення ўдзельнічаць у дыскусіі;

ствараць умовы для выхавання ў дзяцей чуласці, сяброўскасці, добразычлівасці.

         Эпіграфы:

Дружба робіць вялікія справы. I ў няшчасці, і ў радасці без дружбы чалавеку нельга...       К. Чорны.

 

Сябар пазнаецца ў бядзе (прыказка).

 

Шануйце, дзецi, дружбу, гэта самае дарагое i важнае, што ёсць у чалавека. I ведайце – асаблiва моцная бывае тая дружба, што ўстанаўліваецца ў маленстве i ў маладыя гады                        К. Чорны.

Ход урока

         І. Арганізацыйны момант (мабілізацыя ўвагі вучняў,  матывацыя да працы на ўроку)

         ІІ. Праверка дамашняга задання

         ІІІ. Новая тэма

         1) Эўрыстычная гутарка (падрыхтоўка да ўспрыняцця новай тэмы, стварэнне праблемнай сітуацыі):

         агучваюцца эпіграфы;

адказы на пытанні: на якую тэму будзе твор, які мы будзем абмяркоўваць?

Як вы разумееце паняцце дружбы, сяброўства? Хто такі, па-вашаму, сябар (сяброўка)?

На дошцы: Сябар – 1) той, хто звязаны з кім-небудзь сяброўствам; 2) прыхільнік, абаронца.(З тлумачальнага слоўніка).

“Маўклівая гутарка” па тэме “Хто такі сябар (сяброўка)?” (фармулёўка праблемнага пытання).

Падбярыце сінонімы да слова сябар (таварыш, прыяцель). (Таварыш – чалавек, блізкі каму-небудзь па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця; прыяцель – блізка знаёмы чалавек, з якім устанавіліся сяброўскія адносіны, больш, чым проста знаёмы, але менш, чым сябар.)

         - Як бачым: таварыш і прыяцель – гэта не зусім сябры.

- мы прачытаем апавяданне Алены Васілевіч “Сябры”, вызначым галоўную думку твора і адкажам на пытанне “Каго можна назваць сапраўдным сябрам?”

         2) Знаёмства з апавяданнем.

         3). Праца з тэкстам

         а) рэтраспектыўна-аналітычная гутарка

         - Чаму пра Грышу Міхневіча і Лёню Саўчанку казалі, што іх вадой не разальеш? (Сядзелі за адной партай. Жылі на адной кватэры. Звярталіся адзін да другога па дапамогу.)

         - Што здарылася паміж хлопчыкамі ў школе? Якім павёў сябе Грыша? (Грыша атрымаў горшую, чым Лёня, адзнаку, хаця лічыўся лепшым вучнем. Ён у гэтым вінаваціў Лёню,паводзіў сябе пагардліва, ганарыста.)

         - Раскажыце, што здарылася з Лёнем па дарозе дамоў. (Грыша не пачакаў Лёню па дарозе дадому, і Лёня заблукаў у заснежаным лесе.)

         - У тэксце ёсць радкі (с.147): “Раней, бывала, калі хто-небудзь з хлопцаў стамляўся ці папраўляў абутак, другі абавязкова чакаў яго, бо ведаў: лепшая надзея і дапамога ў дарозе – таварыш”. Мы згадвалі, што Грыша і Лёня – сябры. Чаму ў гэтай сітуацыі аўтар ужывае слова “таварыш”? (Не абавязкова быць сябрам, каб дапамагчы чалавеку ў цяжкую хвіліну.)

         - Як Грыша павёў сябе ў гэтай сітуацыі? Чаму? (“Ён не бачыў, як садзіўся адпачываць Лёня... Ім  кіравала крыўда.)

         - Ці можна сказаць, што Грыша кінуў сябра ў бядзе? (Не. Ён не бачыў, што здарылася з Лёнем, бо хацеў паказаць сваю крыўду і пагэтаму не азіраўся, але калі яму стала страшна – азірнуўся: стаў непакоіцца за Лёню, хутка пабег па дарослых.)

         - Ці правільна зрабіў Грыша, калі пабег дадому, каб паклікаць дарослых на дапамогу, а не кінуўся на дапамогу? (Так. Сам ён мог бы заблукаць у лесе і не дапамог бы сябру.)

         - Раскажыце аб выратаванні Лёні.

         б) Чытанне апошняга эпізоду апавядання па асобах.

         - Апішыце стан Лёні, калі прыйшоў сябар? (Ён быў шчаслівы ўбачыць Грышу і ўсё яму дараваў.)

         - Як на Грышу паўплывала гэта гісторыя? (Ён адчуваў сябе вінаватым; зразумеў сваю памылку: ва ўсім прызнаўся ў школе, каб яго выключылі са школы.)

         - Якую думку даводзіць да нас Алена Васілевіч? (Сяброўства – дапамога, радасць за сябра, шчасце, павага, дараванне, узаемаразуменне, сорам за няправільныя паводзіны)

  1. Дыскусія

         Пары атрымліваюць карткі з афарызмамі. Кожная пара павінна выказаць сваё разуменне выказванняў вялікіх людзей.

  1. Што робіцца і гаворыцца ў гневе, таго паміж сябрамі ў разлік ставіць не патрэбна. (Генрык Сянкевіч, польскі пісьменнік)
  2. Хто дружбе здрадзіў хоць бы толькі раз, таму няма ўжо веры... (Насір Хізраў, таджыкскі паэт)

         ІV. Дамашняе заданне:       С.145 – 153, заданне №5; выпісаць прыказкі пра сяброўства, запомніце 2-3.

  1. V. Падвядзенне вынікаў урока и выстаўленне адзнак

         метад “Я-Ты-Мы Каго ж можна назваць сапраўдным сябрам (сяброўкай)? Афармленне ведаў, атрыманых на ўроку, у вуснай ці пісьмовай форме (Чалавека, які не кіне ў цяжкую хвіліну, ніколі не здрадзіць і да якога можна звярнуцца ў любы час; які раздзеліць з вамі не толькі турботы, але і парадуецца вашым поспехам).

         VІ. Рэфлексія

         - Размяркуйце па групах напісаныя на лістках паняцці..

         Дабрыня, зайздрасць, узаемадапамога, спрэчка.

         Чалавечнасць, падман, уменне цярпець слабасці друга, няшчасце.

         Узаемапавага, крыўда, давер, дрэнны настрой.

         - Чаго не павінна быць паміж сапраўднымі сябрамі? (зайздрасці, падману, крыўды)

         - Калі трэба быць асабліва ўважлівым да сябра? (у спрэчцы, няшчасці, дрэнным настроі)

         - Што павінна быць у сяброўстве? (дабрыня, узаемадапамога, чалавечнасць, уменне цярпець слабасці друга, узаемапавага, давер)

         Заключнае слова настаўніка: Беражыце сяброўства. Нясіце яго праз усё жыццё пяшчотна. Не тапчыце недаверам, здрадай. Не пакідайце сяброў ні ў горы, ні ў радасці.

Шануйце, дзецi, дружбу, гэта самае дарагое i важнае, што ёсць у чалавека. I ведайце – асаблiва моцная бывае тая дружба, што ўстанаўліваецца ў маленстве i ў маладыя гады (К. Чорны).