Метадычная распрацоўка ўрока беларускай літаратуры 5 клас Якуб Колас. «На рэчцы» (урывак з паэмы «Новая зямля»)
Тэма ўрока: Якуб Колас. «На рэчцы» (урывак з паэмы «Новая зямля»)
Мэты:
- адукацыйная: пазнаёміць вучняў з творам, раскрыць вобраз Костуся, прааналізаваць вобразы ракі і марозу;
- развіццёвая: развіваць уменні вучняў узнаўляць карціны прыроды, створаныя паэтам з дапамогай вершаванай мовы і мастацкіх тропаў, сачыць за развіццём дзеяння, аналізаваць эмацыянальны стан героя, яго душэўнае ўзрушэнне;
- выхаваўчая: выхоўваць любоў да прыроды, беражлівыя адносіны да яе, спрыяць выпрацоўцы грамадска значымых якасцей: сяброўства, калектывізму.
Тып урока: камбінаваны з выкарыстаннем элементаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.
Абсталяванне: падручнік; партрэт Якуба Коласа; раздатачны матэрыял; дапаможны матэрыял.
Ход урока
І. Арганізацыйны момант.
ІІ. Аб’яўленне тэмы ўрока.
Звяртаецца ўвага на тое, што гэта толькі ўрывак з паэмы «Новая зямля» (дэманструецца тэкст паэмы цалкам).
IІІ. Знаёмства з творам.
- Уступная гутарка.
Як вы думаеце, пра што гэты твор? Давайце паразважаем над сюжэтам. З урыўка выпісаны на дошцы наступныя словазлучэнні: шыбуе на рэчку, радасць хлапчыне, да дна вымярзае, жывая сіла, бойкая рачулка, мароз над маразамі,пухавая пасцелька,засне пад прасторам, на шыбе ўсё, у лес кульнуўся, малыя хвоечкі.
Вучні прагназуюць сюжэт па прапанаваных словазлучэннях.
2.Першаснае азнаямленне з творам. Чытанне тэксту вучнямі.
3.Слоўнікавая работа (падбор сінонімаў).
Праца са словамі: шыбаваць — хутка ісці; запраторыць – схаваць; націна – бацвінне; салаш — шалаш; зацяты — цвёрды, упарты.
- Выяўленне першаснага ўспрымання твора.
Адказы на пытанні:
- Якім настроем прасякнуты ўрывак?
- Як Якуб Колас намаляваў карціну зімы?
- Якое месца ў творы вам асабліва спадабалася і чаму?
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА (вучні выконваюць рухі, быццам грэюцца ад марозу).
ІV. Аналіз мастацкага твора.
- У любым літаратурным творы ёсць галоўны герой. А каго, што так ярка малюе Якуб Колас ва ўрыўку? (Костуся, раку, мароз.)
На дошцы замацавана табліца, у адпаведнасці, з якой дзеці падбіраюць апісанні галоўных герояў з тэксту.
КОСТУСЬ |
РАКА |
МАРОЗ |
|
вольная, бойкая, непакорная, працавітая |
Сярдзіты, хітры, вяльможны |
Парады настаўніка дзецям:
- Будзьце ўважлівыя, ступаць на рачны лёд можна, калі ён не танчэй за 7 сантыметраў.
- На марозе таксама трэба быць асцярожнымі, бо можна абмарозіцца. Апранайцеся цёпла, у некалькі слаёў, вопратку выбірайце лёгкую.
- Як у літаратуры называюцца такія словы, якія запісаны на дошцы? (Эпітэты.)
- Як вы думаеце, каму сімпатызуе Костусь — рэчцы ці марозу? (Рэчцы.)
- Знайдзіце ў творы характарыстыку хлопчыка (дзеці працуюць з творам).
- V. Аналіз малюнка. (с. 140 падручніка)
- Зачытайце тое месца ў творы, якое адпавядае малюнку (с. 146).
- Хто намаляваны на пярэднім плане, на заднім плане?
- Ці адпавядае малюнак літаратурнаму твору? Знайдзіце падабенства і адрозненне. (Па тэксце твора Костусь быў апрануты ў лапці, з сякеркаю ў руках.)
- Для чаго Костусь браў сякерку? (Як хлопчык чуллівы, уважлівы да прыроды, ён дапамагаў сваёй сяброўцы-рацэ прабіцца з-пад лёду.)
- Ці можам мы параўнаць вобразы Костуся і ракі? (Можам, вобразы хлопчыка і ракі падобныя.)
- Чым рэчка Костуся займае?
VІ. Падвядзенне вынікаў урока. Дзецям да ўрока раздадзены тры карткі. На кожнай па аднаму слову «Костусь, рака, мароз».
Вучням прапануецца выканаць заданне:
- выберыце адну з трох картак;
- падбярыце да выбранага слова два прыметнікі;
- падбярыце тры дзеясловы;
- запішыце сказ з чатырох-пяці слоў;
- падбярыце сінонім.
Вучні ўпісваюць свае варыянты слоў і сказаў у выбраную картку і выбарачна зачытваюць. Напрыклад, са словам «мароз» можа атрымацца наступнае:
- мароз;
- паважны, зухаваты;
- пагражае, падпявае, уладае;
- Мароз малюе на шыбах;
- штукар.
VІІ. Рэфлексія.
- Ці спадабалася вам сёння на ўроку?
- Што новага вы сёння адкрылі для сябе, што запомнілі?
- У каго былі цяжкасці і што дапамагло іх пераадолець?
VIIІ. Дамашняе заданне: выразнае чытанне твора, адказы на пытанні падручніка.